26 ноября 2020, 20:27
rubeende
logo

Быховский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213352, г. Быхов, ул. Ленина, д.31
Приемная: 8 (02231) 79-641
E-mail: byhov_rik@mogilev.by
Понедельник, 18 мая 2020 08:35

Жыццёвая прастора быхаўчан

  • размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
Жыццёвая прастора быхаўчан

Адным з найважнейшых фактараў, які ўплываў на фарміраванне матэрыяльнай і духоўнай культуры нашых продкаў выступала жыццёвая прастора. Таму, я прапаную дазнацца пра планіроўку гарадской забудовы сярэднявечнага Быхава і будынкі, якія ўваходзілі ў склад гаспадарак.

Гарадская прастора

Гарадская забудова кардынальна адрознівалася ад сельскай. Горад заўжды меў у сваім складзе штучныя ўмацаванні – сцены, валы, рвы і інш. З аднаго боку яны абараняла мяшчан і іх маёмасць, з другога ­ гэта абмяжоўвала жыццёвую прастору і ўспрыманне свету. У гарадах была вялікая канцэнтрацыя насельніцтва на вельмі абмежаванай прасторы.

Кожны сярэднявечны горад, і Быхаў не з’яўляўся выключэннем, звычайна складаўся з некалькіх частак. Першая – замак (дзядзінец), у якім жыў гаспадар і яго адміністрацыя з дружынай/гарнізонам. Другая частка ­ навакольны горад, які з цягам часу абносілі сцяной і называлі месцам. Тут жылі рамеснікі з памочнікамі, купцы і шляхта. Трэцяй часткай з’яўляліся прадмесці, пасады і слабоды – гэта гарадская тэрыторыя па­за межамі гарадскіх умацаванняў. Тут жылі наёмныя работнікі, дробная шляхта і гандляры.

У першыя вякі свайго існавання Быхаў складаўся з умацаванага двара і паселішча рамеснікаў, якое веерна разыходзілася ад умацаванага цэнтра. Забудова была не строга спланаваная і не надта шчыльная.

Але ўсё кардынальна змянілася ў 1560­я гады. Ян Хадкевіч перанёс горад на новае месца і Быхаў атрымаў абрысы рэнесанснага горада з гандлёвай плошчай. З’явіўся новы драўляна­земляны замак, тры ўязныя брамы, геаметрычна правільна спланаваная вулічная сетка і гандлёвая плошча. Але, ў 1590­я гады казакі Севярына Налівайкі і Мацюшы Федаровіча праз свае напады вымусілі магната перабудаваць замак у каменны і абнесці горад валамі з бастыёнамі. К 1640­м гадам у Быхаве ў якасці архітэктурных дамінант з’явіліся каменная сінагога і каталіцкі касцёл, драўляна­мураваныя праваслаўны храм і ўніяцкая царква.

Прадстаўнікі канфесій кампактна пражывалі вакол сваіх культавых пабудоў. Пра гэта гавораць і назвы пэўных частак горада: Юдаўка, Юраўка і Заюраўка.

Між тым, горад быў падзелены на дзве асноўныя часткі вялікай падпрамавугольнай гандлёвай плошчай. Сама плошча магла быць закладзена яшчэ Геранімам Хадкевічам падчас забудовы новага драўляна­землянога замка ў 1560­1570­я гг. Пры канчатковым фарміраванні гарадской сеткі, архітэктары і інжэнеры прытрымліваліся мадэлі ідэальнага горада­крэпасці. Амаль па цэнтры плошчы стаяла важніца – будынак з гарадскімі вагамі і эталонамі мер.

Згаданая гандлёвая плошча несла яшчэ адміністрацыйную і абарончую нагрузку. Тут абвяшчаліся ўсе навіны, зачытваліся прывілеі і размяшчаліся аб’явы, праводзіліся публічныя пакаранні. Плошча з’яўлялася месцам вайсковага збору падчас баявых дзеянняў. Адсюль абаронцы здолелі б па адносна прамых вуліцах дабрацца да крытычнага ўчастку гарадской абароны. Гандлёвая плошча займала (згодна планаў XVIII ст.) амаль трэць горада. На канец XVIII ст. ёсць звесткі пра каменныя крамы/склады, гандлёвыя лаўкі, якімі плошча адмяжоўвалася ад Георгіеўскага храма і яўрэйскага квартала. З усходу плошча межавала з замкавым комплексам, на захадзе – з уніяцкай царквой, на поўначы – з жылой забудовай. У Быхаве былі яшчэ дзве малыя плошчы – тэрыторыя на якой стаяла сінагога і, магчыма, тэрыторыя вакол уніяцкай царквы Святой Тройцы. Тэрыторыя вакол сінагогі магла быць выкуплена, альбо іншым чынам належыць габрэйскай абшчыне для яе кагальных патрэб. Плошча вакол уніяцкай царквы, хутчэй за ўсё была ўтворана ў мэтах бяспекі, бо на захад ад будынка царквы месціўся цэйхгауз – склад пораху і зброі (на месцы сучаснага раённага Цэнтра культуры).

Згаданы цэйхгауз уяўляў сабой выцягнутую прастакутную аднапавярховую пабудову з максімальным паглыбленнем унутранага памяшкання.

Вулічная сетка была залежнай ад гандлёвай плошчы. Дробныя вуліцы разыходзіліся ад асноўнай, самай шырокай вуліцы (да 10 м. шырынёй), якая цягнулася ад Магілёўскай да Рагачоўскай брамы. Вуліца размяжоўвала адміністрацыйна­грамадскую (замкавы і касцёльны комплексы) і гандлёва­грамадскую часткі адну ад іншай. Адзначанай вуліцай і плошчай горад падзяляўся на чатыры сектары. Першы – замак і гарадская забудова, другі – касцёл і гарадская забудова, трэці – сінагога і гарадская забудова, чацвёрты – праваслаўны Георгіеўскі храм з гарадской забудовай.

Мяшчане, як жыхары прыватнаўласніцкага горада, маглі мець правы на ўласны зямельны надзел як у межах горада, так і за яго тэрыторыяй. З гэтых надзелаў і фарміравалася мяшчанская забудова. У большасці гарадоў яна была шчыльнай, без разрываў (горад – абмежаваная тэрыторыя, таму вольнага месца не пакідалася), з жылымі дамамі ў тры вакна ўздоўж плошчы і вуліц. Але жыллё на пасадах, вельмі нагадвала архітэктуру сельскай мясцовасці з выключным дамінаваннем драўляных будынкаў.

Асноўныя дамінанты ў гарадской забудове – культавыя пабудовы. Гэта былі цэнтры релігійнага і сацыяльнага жыцця мяшчан. Акрамя таго яны маглі выконваць ролю абарончых умацаванняў.

Самай старажытнай крыніцай, якая можа прадэманстраваць Быхаўскую забудову, выступае малюнак Л.Куўро (ваенны спецыяліст французскага паходжання, які служыў Сапегам) сярэдзіны XVII ст. (на здымку).

Археологамі ў ваколіцах сінагогі былі адкрыты парэшткі драўлянай маставой другой паловы XVII ст.

Жыллё

У XIV ­ XVI стст. у мястэчках і гарадах асноўная частка пабудоў складалася з іглічных бярвёнаў. Жылыя дамы на Падняпроўі і Падзвінні мелі плошчу падмурка да 42 кв.м. Пад куты падкладалі вялікія камяні, ці абрубкі бярвення (звычайна дубовыя). Дашчаную падлогу насцілалі на аполкі, але маглі існаваць і глінабітныя падлогі. Тэхналогія ўзвядзення драўляных зрубаў прадэманстравана ў археалогіі беларускіх гарадоў некалькімі відамі, што існавалі адначасова. У ХІІ ­ XVII стст. шырока была распаўсюджана рубка “ў кубак” з астаткам. Да сярдзіны XVI ст. паз выбіралі ў верхняй частцы бярвён. Разам з тым, існавала і рубка “у шулу” і “у храпку”. Зрубы складзеныя “у шулу” з XVI ст. выкарыстоўваліся ў асноўным у гаспадарчых пабудовах. Між тым, гаспадарчыя будынкі (хлявы, сенцы, гумны) маглі быць хварасцяныя. Дахі крыліся саломай, дранкай, зрэдку дахоўкай (асабліва з XVII ст.). Двары і гаспадаркі агароджваліся плотам з варотамі, “брамамі” ­ варотамі з пакрыццём (дахам) і з форткамі. З прычыны частых пажараў зрубы існавалі не больш за 20­30 гадоў. Апрацоўка бярвення і ўзвядзенне пабудоў да пачатку XVI ст. рабіліся выключна з дапамогай сякер, бо піл яшче не выкарыстоўвалі.

Мяшчанскія двары будавалі альбо “пагонам” – будынкі выцягваліся ў адну, ці дзве стужкі пад агульным дахам, альбо “вянком” – будынкі ўтваралі замкнёную сістэму.

У XVII ст. гарадская забудова змянялася ў бок павелічэння колькасці каменных пабудоў. Тады ж з’яўляюцца і двухпавярховыя драўляныя жылыя дамы. Такія пабудовы забяспечваліся яшчэ і падклеццямі, а ўваход уяўляў рамачна­каркасную канструкцыю – галерэю. Аналагічныя пабудовы былі знойдзены ў Мінску і Віцебску.

Цікава, што ў XVIII ст., калі праводзілі інвентарызацыю маёмасці ў горадзе, асобна адзначалася наяўнасць у хатах падлог, дзвярэй, вакон, даха, пячэй і камінаў, мэблі. Так у 1740–1750­я гады асноўная частка дамоў, у тым ліку і двухпавярховых, была драўлянай. Подлогі насцілалі з розных памераў дошак. Дзверы, звычайна, забяспечваліся завесамі, петлямі, ручкамі, клямкамі і замкамі (унутранымі і навяснымі). Вокны звычайна рабілі ў драўляных рамах, зрэдку акоўвалі жалезам і забяспечвалі жалезнымі кратамі. Вельмі мала сустракаецца вакон, якія былі на завесах з петлямі. Шкло ў круглых (зрэдку прастакутных) шыбках выкарыстоўвалі “белае” (празрыстае) і зялёнае. Шыбкі мацавалі ў драўляныя пазы, а заможныя мяшчане дазвалялі сабе свінцовы ці алавяны пераплёт. Дах амаль на ўсіх жылых будынках, нават на замку, быў з дранкі. Але шмат зялёнапаліванай керамічнай дахоўкі было знойдзена археолагамі на тэрыторыі былога касцёла. Печы падзялялі на некалькі тыпаў: пакаёвыя, хлебныя і для гатавання ежы. Звычайна, каб забяспечыць эстэтыку і лепшае цеплаўтрыманне іх пакрывалі кафляй. У XVI–XVII стст. яна рабілася ў выглядзе каробак з вялікай вонкавай пласцінай. На гэтай пласціне магла быць рэльефная выява кветак, геаметрычнага арнаменту, букета ў вазе, вінаграднай лазы, анёлаў, жывёл, герба ўладальніка ці ягонага партрэта, герба дзяржавы. Найбольш дарагая кафля пакрывалася рознакаляровымі палівамі (белай, сіняй, зялёнай, жоўтай), таннейшая – толькі зялёнай, ці белай, а самая танная была ўвогуле без палівы. У XVIII ст. кафляная пласціна ўжо была пляскатая і рэльеф знікае на карысць малюнку. Мода на падобную кафлю прыйшла з Галандыі. Асноўная мэбля, якая патрапіла ў інтэр’еры – сталы, лавы, крэслы, шафы і сундукі (скрыні/куфары).

Зыходзячы з прыродна­кліматычных умоў і прыродных рэсурсаў драўляная забудова на працягу ўсяго існавання Быхава рабілася з дамінаваннем сасны, зрэдку з ігліцы (аснова) і дуба (ніжнія вянцы, вокны, дзверы, гонта/дранка і г.д.). Так і на малюнку Л.Куўро бачна, што асноўная частка горада была драўлянай. Каменных пабудоў і жылых дамоў было меней за 30%. Археолагам на тэрыторыі горада ўдалося выявіць толькі 4 каменныя падмуркі XVII–XVIII стст.

Прыкладна так выглядаў наш горад у часы позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу.

      Гуманитарное сотрудничество

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г. Могилев

© 2018г.
Быховский районный исполнительный комитет
Официальный сайт