10 лютага народны тэатральны калектыў «Крыніца» Быхаўскага районнага Цэнтра культуры прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі», які арганізавала ўстанова культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы». Галоўнай мэтай агляда-конкурса з’яўляецца захаванне і развіццё тэатральных традыцый Магілёўскай вобласці, выяўленне новых творчых калектываў тэатральнага жанру. Агляд-конкурс ужо стаў традыцыйным, тэматыкі конкурсных пастановак даволі разнастайныя. А галоўнай асаблівасцю конкурса з’яўляецца тое, што тэатральныя пастаноўкі, падрыхтаваныя аматарскімі тэатральнымі калектывамі, на беларускай мове.Народны тэатральны калектыў «Крыніца» падрыхтаваў для глядачоў пастаноўку «Сватанне». Кіраўнік калектыву Вольга Уласава ў кіраўніцтве калектывам заўсёды карыстаецца такімі прынцыпамі, як прафесіяналізм, творчы падыход да працы, адказнасць за даручаную справу, любоў і павага да людзей. Яе сістэмны падыход да працы спрыяе стварэнню добрай псіхалагічнай атмасферы ў калектыве. У тэатральнай пастаноўцы акрамя яскравых, таленавітых работнікаў культуры Таццяны Краўчанка і Юліі Бязрукавай, прынялі ўдзел Аляксандр Лябах- мясцовы мэнаджар па гандлю, Віталь Стрынадка — кладаўшчык РЦК, Ігар Кухарэнка- кіраўнік народнага духавога аркестра. Вольга Васільеўна валодае асабліва рэдкім дарам — яна не толькі ўмее адразу ж знайсці мову з людзьмі, але і дайсці да кожнай душы. Многае пачутае і запісанае ў народа апрацоўваецца ёй, а затым зноў вяртаецца ў народ у выглядзе тэатралізаваных пастановак. Вольга Васільеўна заўсёды сама з’яўляецца непасрэдным удзельнікам святаў, абрадаў, ігрышчаў, інтэрмедый. Яна надзвычай патрабавальна ставіцца не толькі да сябе, але і да тых з кім працуе побач, таму заўсёды імкнецца даводзіць працу да поўнай дасканаласці. Выбраную для паказу пастаноўку Вольга Васільеўна таксама перапрацавала пад удзельнікаў пастаноўкі. З кожным адпрацоўвае яго характар, яго паводзіны на сцэне падчас дзеяння.У сакавіку адбудзецца заключны паказ лепшых тэатралізаваных постаноў і ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых калектываў. Застаецца пажадаць удзельнікам народнага тэатральнага калектыва новых творчых пастановак і перамог.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела
ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна»