Музей у Грудзінаўскім ВПК «Дзіцячы садок-сярэдняя школа» існуе з 1967 года. Доўгія гады ён спецыялізаваўся на выхаванні падрастаючага пакалення на прыкладзе жыцця і дзейнасці правадыра сусветнага пралетарыяту У.І.Леніна, ваенна-патрыятычнай тэматыцы.
Апошнімі гадамі акцэнт у ягонай дзейнасці рабіцца на развіццё краязнаўства і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. У гэтым накірунку працягвае працаваць цяперашні кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея, педагог-арганізатар установы Алена Грузцова разам са сваім гуртком музеязнаўства. За апошні час музей папоўніўся экспанатамі этнаграфічна-побытавага характару, матэрыяламі па гісторыі паходжання тапанімічных назваў асобных мясцін Грудзінаўкі і наваколля, пра ветэранаў працы і славутых землякоў, па гісторыі школы і г. д. У бліжэйшых планах работы музея — стварэнне асобнага этнаграфічнага кутка «Беларуская хата».
Актыўна супрацоўнічаюць з гуртком музеязнаўства і дапамагаюць у ягонай працы настаўніца гісторыі ўстановы Надзея Цумарава і мясцовая старажылка, вялікая прыхільніца краязнаўчай справы Тамара Жураўлёва.
Мікалай Іваноў