Нарэшце мароз аслабеў, але пачаўся снегапад, які доўжыўся два выхадныя дні і да раніцы панядзелка. Снегу выпала столькі, што дарожнікі, камунальнікі, прадпрыемствы і арганізацыі, якія маюць адпаведную тэхніку, вызвалялі ад яго дарогі, тратуары, унутрыдамавыя і свае тэрыторыі ўвесь гэты час. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што снег з нябёсаў валіўся несупынна, таму тэхніку даводзілася скарыстоўваць па некалькі разоў. Аб гэтым і казаў на апаратнай нарадзе ў панядзелак старшыня райвыканкама Мікалай Кароцін, заклікаючы кіраўнікоў выдзеліць патрэбныя машыны на ўборку снега, вызначыць месцы яго складзіравання на мінімальнай адлегласці. Такіх месцаў, па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалая Быстрыцкага, у горадзе тры.
Пад ягоным кантролем і галоўнага санітарнага ўрача раёна Мікалая Мацвеева даручана таксама весці снегаачысныя работы на падыходах і пад’ездах да магазінаў усіх формаў уласнасці.
У сельскай мясцовасці ўсім гэтым займаюцца не толькі дарожнікі з камунальнікамі, а і механізатары сельгаскааператываў, мясцовых лясніцтваў, ды магчымасцяў адразу ўсё зрабіць не хапае. Таму кіраўнік раённай вертыкалі звярнуўся да насельніцтва зразумець сітуацыю і дапамагаць там, дзе можна, а не скардзіцца. Хоць і з некаторым спазненнем, але ўсё будзе зроблена належным чынам.
Мікола КОЛАСАЎ