5 мая 2025, 04:04
rubeende
logo

Быховский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213352, г. Быхов, ул. Ленина, д.31
Приемная: 8 (02231) 79-641
E-mail: byhov_rik@mogilev.by

Баявы палкоўнік

  • размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
Баявы палкоўнік

22 сакавіка. У гэты дзень у далёкім 1920 годзе нарадзіўся слынны беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы Аляксей Васільевіч Пысін з вёскі Высокі Барок Краснапольскага раёна. Салаўінага, глыбіннага раёна, па прызнанню самога паэта. Гэтая вялікая вёска месцілася ў сямі-васьмі кіламетрах ад маёй таксама вялікай вёскі Калодзецкай, мяжуючага з Краснапольшчынай, Касцюковіцкага раёна. Толькі неўзабаве пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі іх не стала. Людзей адсялілі ў іншую мясцовасць, а вёскі пахавала спецыялізаванае прадпрыемства «Радон».

Удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага двума медалямі «За адвагу» Аляксея Пысіна пахавалі значна раней, у 1981 годзе і не на малой радзіме, а ў Магілёве, дзе жыў, на Польскіх могілках. І вось 22 сакавіка сёлетняга года абласная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна (чаму не Аляксея Пысіна?) зноў праводзіла традыцыйныя пысінскія чытанні, на якія запрасіла і мяне. З радасцю паехаў.

Мерапрыемства прайшло змястоўна, цікава, а пасля яго блізкі сябра паэта Віктар Арцем’еў, якому напярэдадні стукнула 85, прапанаваў паехаць да сябравай магілы. Так і зрабілі. Там усклалі кветкі, успомнілі добрымі словамі творцу. А памянуць яго вырашылі на кватэры Віктара Іванавіча, да якой зусім блізка. І вось я, гаспадар, ягоныя сябры — кампазітар Яўген Маланкоў і палкоўнік у адстаўцы Пётр Асмалоўскі — ідзём туды, узнімаемся на чацвёрты паверх звычайнага цаглянага дома без ліфта. На цеснай кухні такой жа аднапакаёўкі аддаліся ўспамінам...

Палкоўнік Асмалоўскі аказаўся родным братам Аляксандра Асмалоўскага, які ў савецкія часы загадваў упраўленнем адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, а калі пайшоў на пенсію, то кіраваў курсамі палітасветы пры абкаме партыі, якія працавалі паблізу плошчы Арджанікідзе. Там павышаў сваю кваліфікацыю і я, дзе блізка пазнаёміўся з Аляксандрам Віктаравічам. Ад яго даведаўся, што ён ваяваў, вызваляў Быхаўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, неаднойчы прыязджаў з абласным ваенным камісарам Іванам Ціханавым у вёску Ніканавічы, у сярэднюю школу. У школьным музеі і зараз захоўваецца іхні фотаздымак. Бачыў яго сваімі вачамі. Асмалоўскі-малодшы даўно пайшоў у лепшы свет, а старэйшы працягвае жыць, прычым вельмі актыўна, хаця ў верасні яму споўніцца... 93 гады. Калі пачуў — не паверыў, пакуль Віктар Іванавіч не пацвердзіў.

Уважліва, з цікавасцю слухаю аповед доўгажыхара, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад званка да званка, неаднойчы сустракаўся з Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам, лідарамі Расійскай Федэрацыі.

Кадравы вайсковец, афіцэр-артылерыст Пётр Асмалоўскі ваяваў на пяці франтах, абараняў Маскву і Ленінград, біўся з гітлераўцамі на Курскай дузе, вызваляў Польшчу і Чэхаславакію. Мае чатыры ордэны Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», шэраг іншых узнагарод.

Род Асмалоўскіх паходзіць з вёскі Асмолавічы на Клімаўшчыне. У іхняй сям’і выхоўвалася сямёра дзяцей — шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка. Усе хлопцы, калі выраслі, служылі ў войску, чатыры з іх удзельнічалі ў вайне.

Васіль змагаўся пад Сталінградам, дайшоў з баямі да Берліна. Вярнуўся дамоў з ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, медалямі.

Ужо ўпамянёны мною Аляксандр спачатку быў сувязным партызанскага атрада, а ў 1943 годзе пачаў ваяваць на фронце, дзе атрымаў цяжкае раненне. Доўга лячыўся ў шпіталі, праз восем месяцаў зноў пачаў ваяваць і зноў атрымаў раненне. За мужнасць і адвагу ўзнагароджаны чатырма баявымі ордэнамі і двума медалямі «За адвагу».

Ваяваў таксама брат Мікалай, а вось Уладзімір і Павел пораху не нюхалі, хаця ў войску служылі. Самы малодшы з братоў Асмалоўскіх Віктар — інвалід дзяцінства, жыве ў Асмолавічах. У яго, акрамя Пятра, ужо нікога няма. Жывая, дзякуй Богу, сястра Валянціна. Яна жыве ў Віцебску.

Пісьменнік Віктар Арцем’еў, які апісаў жыццё і баявы шлях героя майго аповеду ў нарысе «Франтавыя дарогі палкоўніка Асмалоўскага», змясціў там шэраг баявых эпізодаў, у якіх паказаны мужнасць і адвага афіцэра-палітработніка. У адным цяжкім баі старшы лейтэнант Асмалоўскі ўзначаліў дзеянні асабовага саставу батарэі, у крытычны момант сам страляў з гарматы, якая падбіла 7 баявых машын праціўніка.

Пасля вайны маёр Асмалоўскі займаў пасаду намесніка камандзіра па палітычнай часці560-гаасобага самаходна-артылерыйскага дывізіёна ў Паўночнай групе савецкіх войскаў, пасля служыў нампалітам у розных палках Закаўказскай ваеннай акругі, адкуль і паступіў у Ваенна-палітычную акадэмію імя Леніна ў Маскве. Пасля яе паспяховага заканчэння быў намеснікам начальніка палітаддзела15-гакорпуса супрацьпаветранай абароны, інспектарам па баявой падрыхтоўцы4-йсупрацьпаветранай арміі ў г. Свярдлоўску.

Пра палкоўніка Асмалоўскага можна пісаць шмат. У яго яшчэ цудоўная памяць, хапае энергіі весці актыўнае грамадскае жыццё ў Магілёўскай гарадской ветэранскай арганізацыі разам са сваім сябрам Віктарам Арцем’евым, які па прычыне свайго ўзросту не патрапіў на фронт граміць гітлераўскіх захопнікаў, але перажыў усе жахі фашысцкай акупацыі.

М.Коласаў

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г. Могилев

© 2018г.
Быховский районный исполнительный комитет
Официальный сайт