Для вёскі Студзёнка 26 чэрвеня 1942 года — трагічная дата. У гэты дзень былі па-зверску забіты, спалены жывымі 442 жыхары. Фашысты знішчылі веску цалкам. На абелісках — імёны бязвінных ахвяр той жудаснай трагедыі. Праз гады вёска Студзёнка адрадзілася з руін і попелу. Кожны год каля помнікаў і брацкіх магіл збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць спаленых жыхароў вёскі.
Звяртаючыся да прысутных, старшыня раённага Савету дэпутатаў Нэла Шунькіна адзначыла, што, нягледзячы на аддаленасць падзей, дагэтуль не суціхае ў сэрцах людзей боль страт. Наш абавязак — захоўваць памяць пра ахвяр, перадаваць з пакаленне ў пакаленне, каб нашчадкі ведалі, што такое фашызм, як гэта страшна і як важна зрабіць усё, каб такое больш ніколі не паўтарылася.
Старшыня Чарнаборскага сельвыканкама Ніна Нужкова ў сваім выступленні на мітынгу звярнулася да гістарычных падзей. Нагадала, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны за тры гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі фашысты ператварылі ў руіны 209 гарадоў, знішчылі 9200 вёсак, расстралялі, павесілі, замучалі і спалілі звыш 2 мільёнаў 200 тысяч грамадзянаў Беларусі.
Каб больш людзі не ведалі вайны, каб жылі пад мірным небам прагучалі шчырыя пажаданні ад настаўніцы ДУА «Глухскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Ірыны Камышанцавай і вучаніцы гэтай жа ўстановы Анастасіі Акуловіч.
У памяць аб ахвярах вёскі Студзенка адбылася хвіліна маўчання. Да помнікаў і абеліскаў удзельнікі мітынгу ўсклалі гірлянды і кветкі.
Наталля ЛЕВАЧКОВА